У дачкі было Аплаткавае спатканне ў школе. Калядная вечарына, калі так вам больш зразумела. Спачатку агульнашкольнае прадстаўленне ў актавай зале, потым у класах па сваёй праграме.
Прадстаўленне падрыхтавалі адзінаццацікласнікі і было яно проста на мегавысокім узроўні. Акторская гульня, сцэнарый, рэалізацыя. А найлепшы быў пасыл — быць людзьмі трэба сёння, Бог сапраўды нарадзіўся, важна не згубіць Яго за знешнімі атрыбутамі. Сур’ёзны такі, вельмі кранаючы і прымушаючы задумацца…
На вечарыне госці, сярод якіх прадстаўніца аблвыканкама. Не будзем тыкаць пальцамі, імя я памятаю, але не назаву. Далі ёй слова і тут…
«Дорогие ребята, педагоги, гости… С наступающим вас праздником. Какое прекрасное представление, актерская игра… Желаю вам поверить в Рождественскую СКАЗКУ… чтобы СКАЗКА… поверить… СКАЗКА… чудеса…».
У такія моманты робіцца сорамна не таму, хто гаворыць, а таму, хто слухае. Я бачыла, як «дорогіе ребята» апусцілі галовы, каб вочы нічога не выдалі.
Цяпер пытанне, якое не дае мне спакою: што гэта — троль 80 узроўню? Моўны штамп ці загатоўка «речі» для ўсіх школ на Новы год (Каляды ж у школах нямодныя)? Адкрытая прапаганда атэізму? Версію «ляпнулася, а не падумалася» я разглядаць не буду — чалавек пры пасадзе.
Чаму я пішу пра гэта тут і пры чым тут сэрвіс? А хіба дзяржчыноўнікі не аплачваюцца нашымі падаткамі? Тады мы хочам адэкватнага цане сэрвісу. І няхай гэтая КАЗКА некалі стане праўдай. Давайце паверым у казку ад чыноўніка!