Гродненка Крысціна Лабачэўская жыла ў Пярэселцы, а цяпер — на вуліцы Каліноўскага. З трэцяга паверху праз вокны відаць месца, дзе раней стаяў іх дом. Тую частку Пярэселкі знеслі 10 гадоў таму. Зараз там шматпавярховікі і паркоўка.
Крысціне Лабачэўскай 88 гадоў. Яна нарадзілася і правяла дзяцінства ў вёсцы Пушкары недалёка ад Гродна. Маёўкі і крыжы на раздарожжах былі часткай жыцця вёскі. Асабліва, калі ў ёй не было касцёла.
У беларускіх вёсках, дзе не было храмаў, месцам збору вернікаў рабіліся крыжы. Да бліжэйшага касцёла трэба было ісці пешшу. Дарога магла быць у пяць ці нават дзесяць кіламетраў. Звычайна ў храм выбіраліся ў нядзелю. Будзёнымі днямі хадзілі да «свайго» крыжа. Быў такі крыж і ў Пярэселцы, куды Крысціна Лабачэўская пераехала ў 1956 годзе, калі выйшла замуж. На яго месцы зараз стаіць дом з алімпійскім мішкам.
У пасляваенныя гады вёска Пярэселка расцягвалася ад сучаснага БЛК да вуліцы Каліноўскага і Літоўскага ручая. У вёсцы было больш за 50 дамоў. У 1970-я горад паступова стаў паглынаць вёску. На канец 1980-х ад вёскі застаўся толькі адзін дом на аднайменнай вуліцы Пярэселка. Раён Гродна, які называюць Пярэселкай, складаўся з Падпярэселкі (рова ад Нёмана да вул. Каліноўскага і ўздоўж вул. Горкага) і былой вёскі Пярэселка (раён вул. Каліноўскага і праспекта Будаўнікоў).
У пачатку 80-х, пасля Алімпіяды-80, тут пачалі будаваць дамы праспекта Будаўнікоў. Ужо хадзілі гарадскія аўтобусы і дзеля бяспекі транспарту вернікі прыбралі драўляны крыж з раздарожжа. Тады адна з жанчын, што жыла на «вясковай» частцы Пярэселкі, дазволіла ўсталяваць новы металічны крыж на сваім падворку. Грошы на яго збіралі ўсёй былой вёскай.
«Каля крыжа заўсёды было прыгожа, прыносілі свежыя кветкі - бэз, цюльпаны і півоні, — расказвае жанчына. — Стаяў стол [імправізаваны алтар], на ім фігура Маці Божай, крыж і две свечкі. Выносіліся лаўкі, каб усё маглі сесці. Збіраліся ў любое надвор’е, штовечар каля восьмай. Дождж не дождж, сядзелі з парасонамі».
Па словах Крысціны, жыхары суседскіх шматпавярховікаў «пазіралі з усіх вокнаў» — не маглі зразумець, што адбываецца пад крыжам. «Глядзелі на нас, як на дзіўных, але потым некаторыя далучыліся да нас на малітвы».
На адной з лавак садзіліся пеўчыя — жанчыны, якія прыгожа спявалі. Астатнія падпявалі. Распачыналася набажэнства заўсёды з малітвы, пасля спявалі «марыйныя» песні: «Сэрдэчна Матка» ці «Па горах-далінах».
«У кожнай былі сваё спеўнікі, дзе былі ўсе малітвы і песні», — гаворыць пані Крысціна. Калі запрашалі святара, збіралася больш за паўсотні чалавек — часам нават не хапала лаваў. Ксёндз маліўся за жывых і памерлых жыхароў даўняй Пярэселкі.
Апошні дзень «маёвых» быў самым урачыстым. Тады спявалі стоячы «Цябе Бога праслаўляем».
«Нават калі ўжо памерла гаспадыня дома, дзе стаіць крыж, прыходзілі яшчэ два гады, — узгадвае Крысціна. — Яе нявестка адкрывала нам браму, і мы маліліся». Наведваць маёўкі ўжо амаль не было каму. Збіраліся 5−10 чалавек — хапала адной лавачкі.
Агулам маёвыя набажэнствы пад крыжам на Пярэселцы праходзілі каля 20 гадоў.
«Толькі летась ужо не хадзілі з-за пандэміі, — гаворыць жанчына — У гэтым годзе, напэўна, таксама ніхто не прыйдзе».
Што будзе на месцы Пярэселкі: Гэта частка Гродна ўвойдзе ў тэрыторыю праектавання новага мікрараёна «Вясновы». Ён размесціцца паміж вуліцамі Каліноўскага і Вясновай. Раён забудуюць дамамі рознай высотнасці з падземнымі паркоўкамі. Праспект Будаўнікоў падоўжаць на 800 метраў у бок вуліцы Вясновай. У новым раёне будзе 2284 кватэры. Пад знос пойдуць 80 прыватных дамоў. Іх ужо абследавалі і ацанілі. Гаспадарам прадаставяць кватэры і пакрыюць выдаткі за страчаныя збудаванні, высечаныя дрэвы і насаджэнні. Раён плануюць пабудаваць на працягу трох гадоў. Пачаць будаўніцтва — ужо ў 2021.
Дом, на падворку якога стаіць крыж, таксама патрапляе пад знос. Ці перанясуць некуды крыж, пакуль дакладна невядома.
Чытай больш:
Считается, что сложно выбрать подарок именно мужчине - мужу, сыну, отцу, партнеру или другу. Ситуация…
Белорус Алекс Вознесенский посетил Новогрудок как турист. Мужчину поразило, что город с богатой историей находится…
Ресторан-кафе «Неманская витина» в виде ладьи – часть концепции новой гродненской набережной, которую обсуждали в…
Алексей Коженов уехал из Минска в 1998-м году. Он получил работу в Google, стал дьяконом…
Сленг постоянно меняется - в последнее время под влиянием TikTok. Понять его сразу и весь…
Каждый месяц 22 тонны кофейных зерен выезжают из Гродно, чтобы попасть на заправки по всей…